У 2026 годзе капітальны рамонт запланавалі ў шасці дамах Салігорска і яшчэ пяці — у раёне. Пра гэта 3 лютага паведамляў Салігорскі тэлеканал.
Чытайце таксама: «Куды знікае падатак на сабак?» У Салігорску паскардзіліся на зарослую пляцоўку для выгулу жывёл
У Салігорску ў план уключылі дамы па адрасах:
- вуліца Леніна, 13;
- вуліца Казлова, 22;
- вуліца Ленінскага Камсамола, 35;
- вуліца Набярэжная, 6, 11 і 12.
У раёне капрамонт запланаваны ў Старобіне на вуліцы Касманаўтаў, 5; у Вялічкавічах на вуліцы Леніна, 21 і 23; у Гоцку на вуліцы Каржа, 51; у Чырвонай Слабадзе на вуліцы Кастрычніцкай, 78.
Акрамя капітальнага рамонту, у жылых дамах збіраюцца праводзіць бягучыя работы: замяняць трубаправоды, рамантаваць і ўсталёўваць помпы і цеплаабменнікі, рамантаваць дахі і стыкі сценавых панэляў, мяняць свяцільні і рамантаваць уваходныя групы.
Якія работы ўжо правялі ў Салігорску?
Пра рамонт у горадзе таксама пісала медыя «Электронный Солигорск». Паводле іх інфармацыі, работы ў дамах па вуліцы Леніна, 13, і Набярэжнай, 6, завяршылі. У доме № 35 на вуліцы Ленінскага Камсамола рамонт скончылі, за выключэннем добраўпарадкавання тэрыторыі. На Набярэжнай, 11, абшывалі вуглы балконаў, а ў доме № 12 такіх работ яшчэ заставалася нямала.
View this post on Instagram
У каментарах да публікацыі гараджане ўзнялі пытанні пра стан балконаў у розных дамах (як тых, што ўключылі рамонт, так і іншых) і адсутнасць пандусаў.
«Маю маму на інвалідным вазку я нават з братам і мужам не магу скатаць уніз»
Адна з жыхарак паскардзілася на адсутнасць пандуса ў доме № 49 на вуліцы Леніна, у другім пад’ездзе. Паводле яе слоў, нават спусціць дзіцячую каляску па прыступках складана, а вывезці маці на інваліднай калясцы не атрымліваецца нават з дапамогай сваякоў.
- «Не ведаю, як з дамамі, але з пандусамі — жах. Падобна, іх ніхто і не збіраецца рабіць. Леніна, 49, 2 пад’езд — здаровыя людзі ногі выкручваюць на лесвіцы, пакуль дзіцячую каляску спусцяць, а маю маму на інвалідным вазку я нават з братам і мужам не магу скатаць уніз, а пра падняць увогуле гаворкі няма! Гэта вельмі вострая праблема», — напісала жанчына.

Таксама яна дадала, што ў домупраўленні ёй адказалі: такіх пад’ездаў, дзе патрэбныя пандусы, у горадзе каля 30. Аднак, паводле яе слоў, праблема не ў тым, каб зрабіць пандус на 15 прыступак, а ў тым, што прапануюць разнаўзроўневую канструкцыю, дзе адна дарожка вышэйшая за другую, з нахілам пад 70 градусаў.
- «Гэта вельмі вострая праблема. У домеўпраўленні сказалі, што такіх пад’ездаў у іх каля 30, але там не 15 прыступак, дзе разнаўзроўневы (адна дарожка вышэйшая за другую) пандус пад вуглом у 70 градусаў. Затое шары на плошчы ставім і ганарымся новым дасягненнем. Ура, спадары!»
Чытайце таксама: «Можна разбіць галаву»: у Салігорску паскардзіліся на небяспечны ўваход у паркінг новабудоўлі
«За што мы кожны месяц плацім за капрамонт?»
Жыхары дома № 13 на вуліцы Леніна звярнулі ўвагу на балкон на першым паверсе ў першым пад’ездзе. Гэты дом ёсць у плане капрамонту на 2026 год, і паводле інфармацыі гарадскога медыя, работы там цалкам завяршылі. Але жыхарка дома ўсё адно ўзняла пытанне пра цяперашні стан канструкцыі, які, на яе меркаванне, вымушае чакаць лепшага:
- «Леніна 13, чаму не дарабілі балконы ў першым пад’ездзе на першым паверсе?»
Іншыя гараджане паскардзіліся на стан балконаў у пяціпавярховіках па адрасах Набярэжная, 17–19, а таксама Казлова, 21.
- «Пяціпавярховыя дамы і такія страшныя балконы», — адзначыў адзін з каментатараў.
- «За што мы кожны месяц плацім за капрамонт?» — спытала іншая жыхарка.
Чытайце таксама: «Я удивлена, что никто не пострадал». В Молодечно за день обрушились бетонные козырьки всех подъездов одного дома
Чаму дом на Ленінскага Камсамола, 9, не ўключылі ў спіс?
Асобныя прэтэнзіі датычыліся дома № 9 на вуліцы Ленінскага Камсамола. Паводле каментатараў, суседнія будынкі ўжо адрамантавалі, а гэты дом у спіс не трапіў.
«Як вы плануеце? Вуліца Ленінскага Камсамола, 9. Усё вакол адрамантаванае, а ён выпаў са спісу. Хто кіруе? Відаць, „алень“ нейкі», — напісала адна з каментатарак.
Іншая жыхарка звярнула ўвагу на балкон на трэцім паверсе:
- «А ў нас на трэцім паверсе балкон, здаецца, вось-вось упадзе. Ад чаго залежыць чарговасць рамонту? Дамы, пабудаваныя пазней за наш, ужо адрамантаваныя».
Дом № 9 на вуліцы Ленінскага Камсамола ў апублікаваны спіс капрамонту на 2026 год не ўключылі. У публікацыі «Электронного Солигорска» паведамлялася, што пазней стане вядома, якія дамы плануюць рамантаваць у 2027 годзе.
Чытайце таксама: Пракуратура адрэагавала на відэа ў TikTok з крытыкай дзіцячай пляцоўкі ў Салігорску
Наш канал в Telegram. Присоединяйтесь!
Есть о чем рассказать? Пишите в наш Telegram-бот. Это анонимно и быстро


Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: